Знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай - Галенская Л.У.

17.11.2022

Парады для бацькоў

  • З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове. Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
  • На кухне хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
  • Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага гораду, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць.

Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

Забаўлянкі

У куце сядзіць мядзведзь

У куце сядзіць мядзведзь,

Хустку вышывае,

А лісічка-невялічка

Хатку прыбірае.

А каток пячэ аладкі,

Масла падлівае.

Мышанятка жвава, гладка

Катку памагае.

 

Сарока-варона

Сарока-варона

На прыпечку сядзела,

Кашку варыла,

Дзетак карміла.

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

А гэтаму не дала.

Гэты пальчык —

Вялікі гультайчык:

Круп не драў,

Цеста не мясіў,

Вады не насіў.

Сонейка-сонца

Сонейка-сонца,

Выгляні ў аконца,

Пасвяці нам трошку,

Дам табе гарошку.

 

 

 

 

Лічылкі

Эны-бэны, фіны, лёк...

Эны-бэны, фіны, лёк,

Сам Пятровіч бліны пёк.

Пёк, пек, не дапёк,

Схапіў шапку дый уцёк.

Ішоў кот праз сто варот...

Ішоў кот праз сто варот,

Дайшоў да канца,

Знайшоў кацяня,

Мяў!

Ішла кошка па раялі…

Ішла кошка па раялі,

Наступіла на педалі

I ад болю закрычала:

— Мяу!

Кінь, кінь, перакінь...

Кінь, кінь, перакінь,

Давай далей пабяжым,

Цераз воду і агонь,

Не дагоніць нас і конь.

Ішоў баран...

Ішоў баран

Па крутым гарам,

Вырваў траўку,

Палажыў на лаўку.

Хто яе возьмець,

Той вон пойдзець.

 

поделиться в: