«Умовы павышэння эфектыўнасці працы  па фарміраванні беларускага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту»

20.12.2022

(для выхавацелей дашкольнай адукацыі)

Дашкольны ўзрост з’яўляецца самым спрыяльным перыядам для актыўнага маўленчага развіцця чалавека. Менавіта ў гэты час адбываецца фарміраванне вуснай мовы і навыкаў маўленчых зносін – асновы для станаўлення дзіцяці як асобы.

Аднак чалавек, які жыве ў грамадстве, дзе актыўна функцыяніруюць дзве дзяржаўныя мовы (руская і беларуская), сутыкаецца з праблемай білінгвізму (двухмоўя). Гэта азначае, што акрамя мовы, на якой размаўляюць бацькі, суседзі, вядзецца навучанне і выхаванне ў дзіцячай установе, маленькі чалавек на працягу свайго развіцця павінен засвоіць другую мову.

Для вялікай колькасці дзяцей такой мовай з’яўляецца беларуская. Ёй яны авалодваюць не ў сям’і, не ў працэссе актыўных зносін з блізкімі людзьмі, а ва ўмовах спецыяльна арганізаванага навучання ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай. У сувязі з гэтым узрастае роля установы дашкольнай адукацыі, на якую ўскладваецца адказнасць не толькі за развіццё мовы і культуры маўленчых зносін у дзіцяці, але і за фарміраванне сродкамі мовы нацыянальнай самасвядомасці, за перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных беларускім народам на працягу гісторыі свайго існавання. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі павінна быць створана такое моўнае асяроддзе, якое спрыяла б гарманічнаму развіццю дзіцяці, інакш кажучы, характарызавалася аптымальным развіццёвым патэнцыялам.

Задача ўскладняецца тым, што многія дзеці не толькі не ўмеюць размаўляць па-беларуску, але не маюць пэўных навыкаў ва аўдзіраванні – не разумеюць звернутую да іх мову.

Таму першым этапам ў фарміраванні беларускага маўлення павінна стаць развіццё навыка слухання. У гэты перыяд дзіцяці спяваюць калыханкі, расказваюць пацешкі, вершы, казкі, суправаджаючы маўленне эмацыянальнымі жэстамі і мімікай, актыўна выкарыстоўваючы лялькі, цацкі, малюнкі. Тым самым развіваецца ўменне ўспрымаць звернутую да дзіцяці мову, ствараюцца ўмовы для фарміравання пасіўнага слоўніка.

Другі этап характарызуецца арганізацыяй дзейнасці для актывізацыі маўлення. Адбываецца пераход ад рэцэптыўнага (пасіўнага) да самастойнага гаварэння.

Эфектыўнасць працы выхавальніка ў дадзены перыяд будзе залежыць ад пабудовы заняткаў у адпаведнасці з заканамернасцямі засваення другой мовы і дыдактычнымі патрабаваннямі. Неабходна мець на ўвазе, што другая мова засвойваецца, калі:

  • развіты маўленчы аппарат, здольны каардынаваць моварухальныя і слыхавыя адчуванні;
  • сфармірована здольнасць разумець лексічныя і граматычныя моўныя значэнні;
  • існуе апора на папярэдні маўленчы вопыт;  
  • улічваюцца ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці маўленчага развіцця дзіцяці;
  • створаны ўмовы для фарміравання станоўчай матывацыі ў адносінах да засваення мовы.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па развіцці беларускай мовы і культыры маўленчых зносін выхавальніку варта прытрымлівацца таксама пэўных дыдактычных рэкамендацый. 

Сёння ў псіхолага-педагагічнай літаратуры шмат пішацца аб неабходнасці навучання і выхавання ў адпаведнасці з прыродай дзіцячага развіцця. Гэта патрэбна ўлічваць найперш пры адборы дыдактычнага матэрыялу. Чаму аддаць перавагу – прозе ці вершу? Класік дзіцячай літаратуры, вялікі знаўца дашкольнай псіхалогіі К. І. Чукоўскі ў кнізе “Ад двух да пяці” піша: “Сярод шматлікіх метадаў, пры дапамозе якіх дзіця засвойвае агульнанародную мову, сэнсавая сістэматызацыя слоў займае не апошняе месца. Па ўяўленні дзіцяці, многія словы жывуць парамі”. Паэт сцвярджаў, што любая рыфма дастаўляе маленькаму чалавеку асаблівую радасць, яна з’яўляецца прадуктам нястомнай работы дзіцяці над сваім галасавым апаратам, дзякуючы якому цяжкая работа адчуваецца як гульня.

У сувязі з гэтым рэкамендуецца прапаноўваць пераважна той матэрыял, у якім ёсць рытм і рыфма. Каб засвоіць сказ “Мяне завуць Іра”, можна дзесяць раз яго паўтарыць, уяўляючы пры гэтым сумныя твары дзяцей. А можна сказаць чыстагаворку:

Не-не – завуць мяне,

Уць, уць – мяне завуць.

Таму вельмі важна, каб дзіця рухалася: падскоквала, пляскала ў далоні, прысядала, тупала нагамі. Навучанне ў руху – адно з важных патрабаванняў методыкі, заснаванай на кампетэнтнасным падыходзе. Гэта патрабаванне адпавядае таксама прыродным асаблівасцям дзяцей дашкольнага ўзросту. Менавіта ў гэты час ўзнікаюць першыя спробы вершатворчасці. Аднак, як піша К. Чукоўскі, толькі скачучы і махаючы рукамі, дзіця можа складаць свае вершы.

Навучанне ў руху адпавядае і важнай тэндэнцыі сучаснай адукацыі – распрацоўцы і ўкараненню здароўезберагаючых тэхналогій. Дзіця, якое можа рэалізаваць на занятках сваю перапоўненую энэргію, патрэбнасць ў рухах, гульні, эмацыянальных выбухах, не стоміцца, не адчуе той перагрузкі, якая часта суправаджае адукацыйны працэс.

Улічваючы, что вельмі важна развіваць маўленчы аппарат дашкольніка, адказны за моварухальныя і слыхавыя адчуванні, адным са структурных элементаў заняткаў павінна быць артыкуляцыйная гімнастыка. Яе задача – умацаваць мышцы артыкуляцыйнага апарата, развіваць сілу, рухомасць і дыферэнцыйнасць рухаў органаў, якія ўдзельнічаюць у маўленчым працэсе. Неабходна навучыць дзіця адрозніваць рускае і беларускае гукавымаўленне, умець ажыццяўляць хуткі пераход з рускага на беларускае артыкуляванне.

Прынцып навучання ў руху рэалізуецца і праз арганізацыю практыкаванняў для ўдасканалення дробнай маторыкі. З гэтай мэтай варта прапаноўваць шматлікія пальчыкавыя гульні, якія садзейнічаюць не толькі актыўнаму развіццю маўленчых функцый, але і ствараюць пэўны эмацыянальны фон, станоўча ўздзейнічаюць на здароўе дзяцей. Усходнія медыкі выявілі, што масаж вялікага пальца павялічвае функцыянальную актыўнасць галаўнога мозга, указальнага – станоўча ўплывае на стан страўніка, сярэдняга – на кішэчнік, безыменнага – на печань і ныркі, мізенца – на сэрца.

Неабходна імкнуцца, каб пальчыкавыя гульні праводзіліся ў спалучэнні рухаў з маўленнем дзяцей. Прагаворванне вершаваных радкоў адначасова з рухамі садзейнічае развіццю слыхавага ўспрымання, развівае здольнасць разумець змест вершаванага тэкста, адчуваць яго рытм. У выніку гэтага маўленне дзяцей становіцца больш упэўненым, дакладным, эмацыянальным.

Пры навучанні другой мове важна ўлічваць таксама прынцып мінімізацыі моўнага матэрыялу. Жаданне даць на занятках як мага больш, атрымаць хуткі вынік у выглядзе ўласных дзіцячых выказванняў на практыцы вядзе да адваротнага – выпускнікі рускамоўнай установы дашкольнай адукацыі, як правіла, не валодаюць навыкам актыўнага гаварэння. У сувязі з гэтым мы лічым прынцыпова важным мінімізіраваць матэрыял – акрэсліць фанетыкаарфаэпічныя, лексічныя і граматычныя з’явы, адпавядаючыя практычнай вартасці, неабходныя для пабудовы ўласнага выказвання.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Посуд” дзеці засвойваюць словы міска, талерка, шклянка, граматычныя канструкцыі у місцы, шклянцы, на талерцы, вучыцца вымаўляць гэтыя словы для таго, каб сфарміраваць звязнае выказванне. У выніку праведзенай работы становіцца магчымай арганізацыя сітуатыўнага дыялогу: “Што знаходзіцца ў тваёй місцы (шклянцы?, на талерцы?). – У маёй місцы суп (боршч). У маёй шклянцы чай (кампот, кісель). На маёй талерцы катлета (сасіскі, каша, сырнікі)”. Пры гэтым правільныя выказванні дзяцей замацоўваюцца ў свядомасці, набываецца здольнасць запамінаць традыцыю спалучэння моўных адзінак у патоку мовы, а гэта значыць, засвойваць норму літаратурнага маўлення.

Прынцып мінімізацыі моўнага матэрыялу не супярэчыць выкарыстанню на занятках тэкстаў з незнаёмай лексікай. Паводле розных звестак навукоўцаў у беларускай мове толькі 10-20% слоў поўнасцю адрозніваюцца ад адпаведнай рускай лексікі. Гэта дазваляе дзецям у пэўнай ступені разумець выхавальніка. Незнаёмыя словы, якія нясуць ключавую сэнсавую нагрузку, пажадана тлумачыць праз кантэкст, у працэсе чытання або расказвання, абапіраючыся на лексічнае акружэнне. Аднак уводзіць іх у актыўны слоўнік не мэтазгодна, так як яны не заўсёды з’яўляюцца частотнымі, неабходнымі для прадуцыравання дзіцячых выказванняў.

Арганізацыя на занятках дыялога, палілога – таксама неабходная ўмова навучання. Лепш за ўсё, калі маўленчай дзейнасцю будзе ахоплена як мага больш дзяцей, таму мы прапануем актыўна выкарыстоўваць калектыўныя гульні, харавыя адказы, драматызацыю невялікіх твораў, дзе кожнае дзіця атрымлівае ролю.

Падтрымка рухальнай актыўнасці спрыяе стварэнню той эмацыянальнай атмасферы, якая неабходна для фарміравання станоўчай матывацыі ў дзяцей, без якой навучанне ператвараецца ў цяжкую нецікавую працу.

поделиться в: